Філосаф, гісторык, географ. Асветнік.
Нарадзіўся 2 лістапада 1717 года ў Браслаўскім павеце ў беднай шляхецкай сям'і.
Першапачатковую адукацыю атрымаў у езуіцкіх калегіумах Пінска і Дынабурга. У 1746 г. скончыў Віленскую акадэмію.
У 1757 г. прызначаны прафесарам Варшаўскага Калегіума нобіліум (Collegium Nobilium), дзе выкладаў там этыку і гісторыю. У 1762-1776 гг. - з'яўляўся рэктарам гэтай узорнай на той час навучальнай установы, дзе вучыліся сыны магнатаў і багатай шляхты .
Атрымаў шырокую вядомасць дзякуючы сваім падручнікам па геаграфіі. У 1786 г. выдаў у Варшаве "Сучасную геаграфію" (у 1794 г. перавыдадзена ў Вільні). У 1773 г. у Варшаве выйшаў другі падручнік "Усеагульная геаграфія", у якім быў вялікі самастойны радздзел "Аб палітыцы". У гэтым раздзеле асвятляліся асновы прыродазнаўчага права, права народаў, цывільнага і царкоўнага правоў, апісаны дзяржаўны лад еўрапейскіх дзяржаў. Усё гэта дазволіла выкарыстоўваць кнігу як падручнік па палітычнай эканоміі.
Увасобіў у сабе палітэканамічныя погляды свайго часу - вучэнне фізіякратаў, а таксама першыя асновы класічнай палітэкноміі, якія былі закладзены ў працах Цюрго і А. Сміта.
Як гісторык зазнаў уплыў французскай асветнай гісторыяграфіі, асабліва Ш. Мантэск'е і Вальтэра. Пераклаў з французскай мовы на польскую некалькі вытрымак з кнігі Ш. Мантэск'е "Пра дух законаў".
Гісторыю народа тлумачыў як сукупнасць змен у палітычным жыцці, звычаях, рэлігіі, навуцы, мастацтве, эканоміцы. Падкрэсліваў, што вывучэнне гісторыі дазваляе атрымаць веды, неабходныя для накіраванай змены ў дзяржаве існуючага ладу.
Важнае месца ў яго працах па гісторыі і геаграфіі займалі пытанні ролі эканомікі ў жыцці грамадства, а таксама эканамічнага развіцця Рэчы Паспалітай. Вялікае значэнне ён надаваў гандлю, у якім бачыў галоўную крыніцу багацця краіны.На яго погляд, сродкам пашырэння гандлю з'яўляецца развіццё прамысловасці і земляробства. Асуджаў вываз сыравіны за межы краіны і выступаў за стварэнне уласных мануфактур па яе перапрацоўцы.
Памёр 6 чэрвеня 1793 года.
Аб ім і яго поглядах
Бирало А.А. Философские проблемы в науке эпохи просвещения в Белоруссии и Литве. Мн., 1979. С. 41-49
Асветнікі зямлі Беларускай: Х - пачатак ХХ ст. Энцыклапедычны даведнік. Рэд. кал.: Г.П. Пашкоў і інш. 2-е выд. Мінск: БелЭН, 2006. 496 с. - С.99-100
Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Том 1. Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. Мінск: БелЭН, 2005. - С. 469
Крыніца: ЭКАНОМІКА.BY